«Я заўжды з сабой бяру…навушнікі» ці Колькі дэцыбел здольна вытрымаць наша вуха?:
«Раней мужчыны, калі бачылі даму, здымалі капялюшы, а зараз – вымаюць навушнікі», – успомніўся мне стары жарт. Насамрэч, ідзеш па горадзе, ці едзеш у аўтобусе, кожны другі – у навушніках.
Хтосьці сядзіць спакойна, закрыўшы вочы, хтосьці ківае ў такт свайму рытму, а хтосьці нават падпявае вуснамі, відавочна адчуваючы сябе на месцы любімага выканаўца. Зразумела, што, калі няма кампаніі, аднаму быць сумна, таму музыка дазваляе пагрузіцца ў іншы свет і хутчэй дабрацца да патрэбнага месца. Але наколькі бяспечная такая форма адпачынку?
Медыкі лічаць, што не самі навушнікі прыносяць шкоду, а гучнасць музыкі. Самыя ціхія гукі, якія здольна ўлавіць здаровае вуха чалавека – 10-15 дэцыбел (дб). Менавіта на такім узроўні шамаціць лісце дрэў. Размаўляючы шэптам, мы ствараем гук у 20 дб, звычайная гутарка ацэньваецца ў 30–35 дб, сіла крыку, якая ўжо прыносіць дыскамфорт арганізму, дасягае гукавога ціску ў 60 дб. Музыка, якая гучыць у клубах, прыкладна роўная 90 дб, а аматары цяжкай музыкі на рок-канцэртах могуць адчуць на сваіх уласных вушах 140 дб. Ад такога гуку лёгка можна атрымаць траўму ўнутранага вуха.
Гук у сучасных навушнікаў можа дасягаць 100–120 бд. Прадстаўце, якую пакуту вы прыносіце свайму слыху. А калі слухаеце музыку на працягу некалькіх гадзін?..
Алеся Яфімава, магістр біялагічных навук:
– Вушная ракавіна дваццацікратна ўзмацняе ціск гукавых хваляў, якія дасягаюць унутранага вуха. Далей у ім адбываецца часовае альбо пастаяннае пашкоджанне валасковых клетак яго уліткі, адказных за перадачу імпульсаў у мозг, дзе і адбываецца іх апрацоўка.
Вядома, распрацавана некалькі парад, якія дазваляюць пазбегнуць парушэння слыху. Так, напрыклад, трэба наладзіць такі ўзровень гуку, каб было чуваць, што кажуць людзі навокал цябе, выняць навушнікі і праверыць, ці не чутная музыка з іх на адлегласці і наогул – не перавышаць узровень гучнасці вышэй 60%.
Але, калі едзеш у транспарце, імкнешся заглушыць гук руху гукам музыкі. Таму давайце параўнаем. Напрыклад, цягнік у метро стварае гукавы ціск у 95 дб, таму мы будзем павялічваць гучнасць музыкі да такога ўзроўня, каб яна перакрывала шум. Такім чынам, мы самі ствараем велізарны ціск на наш слыхавы апарат.
Чаму ж навушнікі наносяць большую шкоду, чым музыка ў кватэры з калонак? Усё проста. Навушнікі-укладышы, ці як іх яшчэ называюсь «затычкі», устаўляюцца ўнутр вушной ракавіны. Калі мы размаўляем, гукавая хваля ўдараецца аб барабанную перапонку прынамсі на адлегласці 20 -30 см., а калі мы надзяваем навушнікі, змяшчаем іх у гукавы праход, то гукавая хваля ўдараецца аб тую ж перапонку на адлегласці 1-1,5 см. Уяўляеце, якая розніца? Зразумела, мы наносім акустычную траўму.
Распаўсюджанымі рэакцыямі на пастаяннае шумавое ўздзеянне з’яўляюцца звон, назойлівы шум у вушах, а таксама галаўныя болі. З часам гэта можа перарасці ў зніжэнне, а то і зусім перайсці ў страту слыху.
Але страта слыху, ва ўсякім разе, не страшней страты жыцця, а менавіта гэта небяспека можа чакаць аматараў гучнай музыкі. Калі чалавек не чуе тое, што адбываецца вакол, ён увесь час знаходзіцца ў групе рызыкі. З–за музыкі не чуваць ні шуму машын, ні, тым больш, перасцярог людзей пра небяспеку. Асабліва бестурботнымі выглядаюць веласіпедысты, напэўна, ужо занадта давяраючыя свайму анёлу-захавальніку. Мозг цяжка працуе ў двух кірунках: або ён сочыць за рухам, або слухае музыку. Таму песня ў вушах можа лёгка збіць вас з толку, і вы зможаце дапусціць памылку нават у самай простай сітуацыі на дарозе.
Нягледзячы на відавочную шкоду, якую наносіць музыка з навушнікаў, далёка не кожны здольны ад іх адмовіцца. «Не магу выйсці куды-небудзь без музыкі. Гэта як пайсці гуляць без адзежы», — запэўніваюць актыўныя карыстальнікі мр3–плэераў. Затычкі для вушэй сталі такім жа аксэсуарам, як гадзіннік ці рамень на штанах.
Бестурботнасць, з якой мы часта ставімся да свайго здароўя, часам дзівіць. Варта таксама памятаць, што выправіць слых немагчыма, і таму калі сёння–заўтра, і нават праз год навушнікі не аказваюць на вас адмоўнага ўздзеяння, не спяшайцеся цешыцца. Працэс парушэння патрабуе гадоў вашай любімай музыкі каля самых вушэй.
Я не раю зусім адмаўляцца ад плэераў – часам яны сапраўды неабходныя, але ўсяму трэба ведаць меру, інакш уключаць гучную музыку вы станеце не таму, што вам так падабаецца, а таму што калі цішэй… вы проста яе не пачуеце.
Юлія Яшэўская, Твой Стыль
No comments:
Post a Comment