20 жніўня ў аграсядзібе «Мацейкава сяліба» на Мёршчыне у межах кампаніі «Будзьма беларусамі!» адбылася творчая сустрэча Таццяны Грыневіч-Матафонавай і Антаніны Хатэнкі з удзельнікамі летніка рамёстваў «Жывое цяпло».
Склалася добрая,шчырая размова пра сучаснасць і гісторыю,пра нашы традыцыі і продкаў.Гаспадыня сядзібы прадэманстравала старажытны герб вёскі і распавяла,што Пераброддзе ў сярэднявеччы мела Магдэбурскае права нароўні з гарадамі і мястэчкамі Краю.
Было ўсцешна,што некаторыя песні,заспяваныя Таццянай Грыневіч-Матафонавай,аказаліся шмат каму блізкія:да прыкладу, радасным адкрыццём для прысутных сталася тое,што словы да трапяткога паланэзу Агінскага «Развітанне з Радзімай» ужо ў наш час напісаў Сяргей
Сокалаў-Воюш,а незабыўная «Зорка Венера» Максіма Багдановіча патрапіла ў трыста найлепшых твораў Еўропы.
Спаміналі разам даўнія песні і звычаі сваіх мясцін,а затым супольна заспявалі мілагучную «Купалінку».На развітанне пад гукі скрыпкі вясёла танчылі рухавыя народныя танцы.
No comments:
Post a Comment