Friday, September 7, 2012

“Гістарычны альманах” прадставіў гарадзенцам новыя нумары:
6 верасня два дактары гісторыі — Алесь Краўцэвіч і Алесь Смалянчук — прадставілі жыхарам гораду над Нёманам два новыя тамы “Гістарычнага альманаха”, часопіса, якога няма нават у Менску.
Часопіс выдаецца раз на год і збірае найлепшыя працы гарадзенскіх і не толькі гісторыкаў.

Алесь Краўцэвіч і Алесь Смалянчук

Пра асаблівасці гэтых нумароў расказаў Алесь Смалянчук:
“Сямнадцаты і васямнадцаты тамы “Гістарычнага альманаха” ўтрымліваюць вялікі масіў гарадзенскіх тэкстаў. Звязана гэта як з сітуацыяй у Гародні, так і з актыўнасцю гарадзенскіх гісторыкаў. У нас калісьці была ідэя выдаць кніжку “Таямніцы каралеўскага гораду”. Кніжкі ў нас выдаць не атрымалася, але тыя тэксты, якія мы рыхтавалі цягам некалькіх гадоў, увайшлі ў гэты гістарычны альманах. Я б звярнуў ўвагу на 2 сюжэты, якія дамінуюць у гэтых нумарах:
“Гародня ваенная”: там сабраныя ўнікальныя матэрыялы пра гісторыю Гародні падчас нямецкай акупацыі ў Першай сусветнай вайне і артыкул з дакументамі, прысвечаны Другой сусветнай вайне, вядомага нямецкага даследчыка Фелікса Акермана “Дэмаграфічнае разбурэнне Гародні 1939 – 1949 гады”.
Нямецкі гісторык Фелікс Акерман напісаў свой тэкст пару гадоў таму. Тэкст перакладзены з нямецкай мовы на беларускую. Артыкул рэдагаваўся, мы ўносілі свае праўкі. Можна сказаць, што артыкул — гэта кароткі варыянт яго доктарскай дысертацыі,  абароненай у Берліне.
Другі сюжэт “Спробы адбудовы Гародні” — культурнае жыццё Гародні, тое што звязана з культурай гарадзенцаў у 19 і 20 стагоддзях”.

Консул Рэспубліка Польшчы Анджэй Хадкевіч
Падчас сустрэчы, якую адкрываў генеральны консул Рэспубліка Польшчы Анджэй Хадкевіч, рэй вялі два дактары: Смалянчук і Краўцэвіч. Апроч іх выступілі Лявон Лаўраш з Ліды, рэдактар сайта pawet.net, і Наталля Сліж, адна з аўтарак альманаху.
Сустрэча адбывалася ў памяшканні генеральнага консульства Рэспублікі Польшча.
Андрэй Мялешка

No comments:

Post a Comment