Гэтая катэгорыя страваў у нашай кухні цяпер амаль зусім звялася. А некалі ж класічных еўрапейскіх амлетаў на нашых землях, бадай, не гатавалі, галоўнымі стравамі з яек былі вось гэтыя – грыбкі і драчоны. Гэта амаль адно і тое ж, але драчона – больш характэрная для Русі, а грыбок – для Літвы. Штосьці сярэдняе паміж амлетам і блінамі – і на смак, і на выгляд. Яшчэ некаторыя стравы з гэтай катэгорыі чымсьці падобныя да італьянскай фрытаты (frittata, амлет з начынкай). Прынамсі, калі вы хочаце паэксперыментаваць з цалкам сучаснай, але з традыцыйнымі тутэйшымі начынкамі фрытатай, дык я б раіў яе назваць па традыцыі грыбком. Рэцэпты традыцыйных літоўскіх грыбкоў можна знайсці ў “Кухарцы літоўскай” Вінцэнтыны Завадскай, а таксама ў настальгічных нататках эмігрантаў-“крэсавякаў” і іх нашчадкаў, напрыклад, тут.
Некалі грыбкі спажывалі не так як самастойную страву, як кроілі іх на невялічкія кавалкі і елі як закуску да супоў (полівак).
Блізкі да грыбкоў тып стравы – драчона. У ёй, бадай, прапорцыя мукі і яек больш ссунутая ў бок мукі, а часам заміж мукі можа ўжывацца і таркаваная бульба, што радніць гэты від драчоны са звыклымі дранікамі.
Некаторыя сучасныя кулінары-эксперыментатары нават навучыліся гатаваць такую драчону у электроннай хлебапечцы.
Але, вядома, такая драчона ўжо досыць далёкая ад грыбка і тым болей ад амлету або фрытаты. Шмат увагі беларускай драчоне аддаў вядомы кулінарны пісьменнік В. Пахлёбкін, і хаця часам ягоныя меркаванні пра беларускую кухню вельмі спрэчныя, ягоным штудыям драчоны можна ў цэлым давяраць. Дык вось, сапраўдную беларускую драчону, паводле Пахлёбкіна, робяць з жытняй мукі (часам з дадаткам ячменнай, пшанічнай або грачанай) і з асаблівага цеста – “уторнага”, г.зн. такога, якое не цалкам падышло, а толькі трохі закісла – але без дражджэй. Калі “ўторнай кіслаты” бракуе і цеста закісае марудна, можна дадаць у яго трохі квасу або малочнай сыроваткі. Драчоны, як і грыбкі, запякаюць на вельмі слабым агні – у ідэале на лёгкім духу рускай печкі. Але можна на патэльні ў духоўцы або нават на паверхні пліты. І, дарэчы, калі ўзяць драчону, якая ў Пахлёбкіна называецца “гарадской”, яна ўжо вельмі падобная да літоўскага грыбка.
Драчона “гарадская”
кубак малака, 7 яек, 1, 5 ст. лыжкі сметанковага масла, 2 шклянкі мукі, трохі солі.
1,5 шклянкі пшанічнай мукі, 10 яечных жаўткоў, 5 яечных бялкоў, 3-4 ст. лыжкі цукровай пудры, 1 шклянка вяршкоў, 1 ст. лыжка сметанковага масла (“чубатая” або “з горкай”), 0,5 лыжачкі солі.
1. Расцерці жаўткі з цукрам.
2. Паступова дасыпаць муку і даліць вяршкі. Перамяшаць і расцерці ў эластычнае цеста.
3. Пасаліць і ўзбіваць цеста паўгадзіны (ого!).
4. Дадаць узбітыя ў пену бялкі, яшчэ раз старанна перамяшаць.
5. На разагрэтую патэльню з маслам уліць цеста, паставіць у добра разагрэтую духоўку на слабы агонь на 15-20 хв.
А вось грыбок ад Паўла Галянкова, сябра Гільдыі шэф-кухараў Беларусі.
1,5 шклянкі пшанічнай мукі, 4 яйкі, 1,5 лыжкі топленага сметанковага масла, 0,5 лыжачкі солі, трохі масла для змазкі паверхні (0,5-1 лыжка).
Узбіць разам малако, яйкі, муку і топленае масла. Распаліць патэльню, змазаць маслам або алеем і наліць цеста. Паставіць у духоўку пры 180 ºС на 12 хвілін (але лепш ставіць менш інтэнсіўны тэмпературны рэжым – А.Б). За 2 хв. да гатоўнасці змазаць грыбок топленым маслам.
Алесь Белы
No comments:
Post a Comment